КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).

Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл. Муроўка).

І.І.Леановіч.

Да арт. Каменныя работы. Элементы муравання і сістэмы перавязкі: 1 — вонкавая вярста, выкладзеная рубам; 2 — вонкавая вярста, выкладзеная старчаком; 3 — вертыкальнае папярочнае шво; 4 — вертыкальнае падоўжнае шво; 5 — гарызантальныя швы; 6 — забутоўка.
Інструменты для каменных работ: 1 — камбінаваная кельма; 2 — расшыўка; 3 — растворная лапата; 4 — адвес; 5 — малаток-кірачка; 6 — трамбоўка; 7 — бетаналом; 8 — грунтвага; 9 — шаблон для разметкі праёмаў.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)